Як медыя этычна браць кантэнт з сацсетак. Канспект медыятоку

23 студзеня 2018 г. на медыятоку, прысвечанаму журналісцкай этыцы ў сацсетках, абмяркоўвалі ўмовы выкарыстання сацсеткавага кантэнту ў СМІ.

Як медыя этычна браць кантэнт з сацсетак. Канспект медыятоку

Паглядзець відэаверсію можна тут.

Меркаваннямі падзяліліся: праваабаронца, эксперт Лабараторыі лічбавых свабод Human Constanta Аляксей Казлюк, рэдактар раздзела “Люди” на Onliner.by Аляксандр Уладыка, карэспандэнтка Citydog.by Хрысціна Марчук, журналістка Kyky.org Вольга Радзівонава, юрыст Аляксандр Жук, памочніца адваката Сяргея Зікрацкага Алена Лысакова і мастак Міхал Гулін, чые пасты на ФБ часта выкарыстоўваюць беларускія медыя.  Па Skype далучыўся каардынатар сацсетак Радыё Свабода Франак Вячорка.  Ведучай медыятока была Алла Шарко.

Журналісты распавялі пра кейсы сваіх рэдакцый, юрысты, як заўсёды, не сыходзіліся ў меркаваннях… Па выніках сустрэчы засталося больш пытанняў, чым адказаў, але менавіта такія дыскусіі спрыяюць выпрацоўцы агульнага погляду ў журналісцкай супольнасці, пакуль заканадаўства не паспявае за рэаліямі сённяшняга дня.

Практыка беларускіх рэдакцый адносна кантэнту ў сацсетках вагаецца ад “можна ўзяць усё, што выстаўлена ў агульным (а часам і ў “толькі для сяброў”) дасягу ў сацсетцы без згоды аўтара і выставіць на сайт” да “Трэба з кожным, у каго бярэцца кантэнт, заключыць аўтарскую дамову”.

Падымалася і пытанне ганарару, на які тэарэтычна мае права кожны стваральнік кантэнту як уладальнік маёмасных аўтарскіх правоў.

Чаму так розняцца падыходы?

Апошняя версія Закона аб аўтарскім праве (цяпер закон дапрацоўваецца), была прынятая ў 2011 г., калі сацсеткі не мелі такога ўплыву на наша жыццё, як сёння. Таму статус кантэнту з іх пакуль не рэгулюецца напрасткі, а выкарыстанне “старых” норм можа мець розначытанні. Наконт павагі да аўтарскага права ў Беларусі — па словах Алены Лысаковай, калі ў рэдакцыі разумеюць, што парушэнне аўтарскага права можа “каштаваць” ад 10 да 50 000 базавых велічынь (б. в. 24,5 руб.) плюс кампенсацыя маральнай шкоды, то стаўленне мяняецца на больш паважлівае.

Істотную ролю мае нацыянальная практыка выкарыстання кантэнту з сацыяльных сетак і аўтарскага права наогул. Прэцэдэнтнае права ў Беларусі не дзейнічае, таму не варта баяцца, што пасля кейсу Антона Матолькі (калі фотаздымак быў прызнаны не аб’ектам аўтарскага права, а сацыяльнай з’явай) усе справы будуць сканчвацца так жа.

Заўсёды лепш дамовіцца, чым судзіцца. На думку Аляксея Казлюка, хутчэй за ўсё, беларускі шлях – гэта акцэнт на павагу да прыватнага жыцця карыстальнікаў сацсетак і творчай дзейнасці аўтараў, у той час як, напрыклад, у ЗША судовыя прэтэнзіі па аўтарскіх правах часта абгрунтоўваюцца недаатрыманым прыбыткам (калі аўтар зарабляе на кантэнце). Калі не, то можа проста патрабаваць выдаліць.

Што робяць беларускія рэдакцыі?

У кожным медыя – свае правілы. Збольшага рэдакцыі імкнуцца адыходзіць ад практыкі змяшчэння кантэнту з сацсетак без дазволу аўтараў. Citydog, напрыклад, перастаў рабіць падборкі фота з Instagram таму, што аператыўна атрымаць дазвол ад вялікай колькасці аўтараў даволі складана. Onliner працягвае публікаваць такія падборкі, але калі ад аўтараў паступаюць прэтэнзіі, то іх фота прыбіраюць. Адзінкавыя фота з іншых сацсетак Onliner звычайна публікуе з дадатковымі каментарамі аўтараў, а таксама экспертаў па тэме, такім чынам здзяйсняючы fact checking і атрымліваючы згоду на публікацыю. Kyky таксама часцей за ўсе звязваецца з аўтарамі перад публікацыяй.

 “Наша Ніва” перапошчвае з сацсетак ўсё, што падалося цікавым, не заўсёды пытаючыся аўтараў. Таму бывае, што атрымлівае прэтэнзіі, пакуль што не судовыя. З некаторымі вядомымі блогерамі ў выдання дзейнічае папярэдняя доўгатэрміновая дамова, што “мы ў вас будзем час ад часу нешта браць”.

Як паведаміў Франак Вячрка — Радыё Свабода, абапіраючыся на амерыканскую практыку, не публікуе кантэнт з сацсетак без пісьмовай згоды аўтараў. Згода можа быць атрымана праз е-мэйл ці паведамленні ў сацсетках. Наконт гэтай практыкі юрыст Аляксандр Жук заўважыў, што сёння чалавек можа даць згоду, а заўтра сказаць, што яго акаўнт узламалі, і ніякай згоды ён не даваў. На пытанне аб вусным дазволе на публікацыю адказаў, што закон гэта дапускае, але факт такой згоды трэба даказаць, і нават дыктафонны запіс з’яўляецца толькі ўскосным доказам.

СМІ дзеляцца кантэнтам з сацсетак, устаўляючы код з візуальнай спасылкай на старонку карыстальніка. Варта мець на ўвазе, што калі аўтар рэдагуе ці выдаляе пост, то змены адлюстроўваюцца і на старонцы СМІ.

Журналіст з Жодзіна Аляксей Лапіцкі выказаў меркаванне, што рэдакцыі найлепш заключаць пісьмовыя дамовы з усімі аўтарамі, кантэнт якіх яны выкарыстоўваюць. Тады паўстае пытанне, дзе і як доўга такія дамовы павінны захоўвацца.? Да таго ж ад такога падыходу будзе пакутаваць аператыўнасць СМІ…

Сышліся на тым, што выпрацаваць этычныя стандарты адносна сацсетак – задача ўсёй журналісцкай супольнасці, і добра, калі такая выпрацоўка пройдзе больш-менш гладка. Магчыма, перад зацвярджэннем агульнай пазіцыі будуць і скандалы, і судовыя справы. Юрысты схільныя перабольшваць верагоднасць скрайніх сітуацый, якія можна прадухіліць проста размовай. Лепш кантактаваць з аўтарамі, бо часам іх пазіцыя можа быць для рэдакцыі даволі нечаканай. Напрыклад, мастак (Міхаіл Гулін) высылаў у рэдакцыю фота сваіх работ, а потым у яго, напрыклад “скончыўся творчы “блакітны перыяд” і яму ўжо можа быць непрыемна бачыць у наступных публікацыях свае старыя творы.

Дадатковыя матэрыялы: 

Прэтэнзія па ахове аўтарскага права ёсць на нашым сайце — можна яе спампаваць тут.

Таксама пачытаць можна наступныя артыкулы — Фёдара Паўлючэнкі пра перадрукоўку кантэнту ў Байнэце і артыкул Алены Ляшкевіч па выніках сустрэчы з юрыстамі Аляксандрам Жуком і Сяргеем Зікрацкім у Прэс-клубе.

Канспект падрыхтавала Алена Ляшкевіч, фота Аляксандр Фурс

Падзяліцца:

25 студзеня 2018 года
Перадрук матэрыялаў press-club.pro магчымы толькі з дазволу рэдакцыі. Падрабязней...
Press Club BelarusМедыякухняЯк медыя этычна браць кантэнт з сацсетак. Канспект медыятоку

Падпішыся на нашу медыйную рассылку!

Кожны тыдзень атрымлівай на пошту: якасныя магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы івэнтаў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі, прэс-канферэнцыі) і карысны кантэнт

Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці
Мы выкарыстоўваем файлы cookies. Правілы канфідэнцыйнасці
Прыняць